Чуб: «Пугач замовіў таксі, а прыехаў я. Рагаталі з ім ўсю дарогу»

Пра сустрэчу з Максімам Знакам, каляровае жыццё і «дадомударогаўтваральны год», «Салідарнасці» распавёў акцёр і менеджэр Вольных Купалаўцаў Сяргей Чуб.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Сяргей, такі файны ваш фотаздымак са Знакам, Пугачам і Гарбузам. Што Максім сказаў пра «Зэкамерон»?

— Хваляваліся ўсе: і сястра яго, якая выступала каардынатарам нашай сустрэчы, і сам Максім. І мы трошкі калаціліся, бо разумелі, што гэта вельмі адказна. Бо сустрэча нават не проста з аўтарам, а з чалавекам, які трапіў за краты незаслужана...

Усвядоміўшы, што разам перажываем адзін за аднаго, пачалі смяяцца: «А ты чаго хвалюешся?» – «А ты?» – «А мы баімся, што аўтар праверыць словы...»

Парагаталі над сваім хваляваннем, і ўсё ўстала на свае месцы.

Гэты спектакль мне запомніўся, бо адразу, з першых слоў, я ўбачыў Максіма ў залі, які глядзеў на нас шырокімі вачыма ды ўсміхаўся. Мяне адразу адпусціла і далей пайшло ўсё, як трэба.

Дарэчы, мы нарэшце даедзем з «Зэкамеронам» да Уроцлава 15 лютага і да Кракава 28 лютага. Людзі ўжо набываюць квіткі. І мы запрасілі Максіма паехаць з намі.  

Здаецца, у Вольных Купалаўцаў зараз усё даволі добра: фестываль у Любліне, спектаклі ў Варшаве. І, мо, ужо атрымліваецца зарабляць творчасцю, а не падпрацоўкамі не па асноўнай прафесіі?

— Тое, што адбываецца з Купалаўцамі — за гэтым стаіць вельмі цяжкая праца нашай купалаўскай суполкі і ўсіх, хто да яе датычны. Бо сапраўды на гэты момант творчасцю ў эміграцыі немагчыма пражыць. Таму ў кожнага ёсць нейкая праца. Але кожны дадаткова аддае кавалак жыцця і часу, каб існавалі Вольныя Купалаўцы. Займаемся рэкламай, мантажом, прамоцыяй, напісаннем заявак.

Мы ўсе працуем, каб жылі і існавалі Вольныя Купалаўцы. І каб людзі ведалі, што Вольныя Купалаўцы нікуды не падзеліся, яны побач, блізка.

«Ад кабіны трактара ўжо адмовіліся. Каб не пазабівацца»

— Алег Гарбуз распавёў пра жудасны і адначасова трохі смешны момант. Як вы ўдваіх зносілі дэкарацыі — кабіну сапраўднага трактара з другога паверха. І як мы амаль не засталіся без Алега. Ён, канешне, расказваў пра гэта з гумарам, але ж адразу пару дзён ляжаў. Пасля таго, як яна на яго ляцела...

— Мы, канешне, стараемся сябе берагчы. Але ж ніхто гэтую працу не зробіць за нас.

Вось днямі гралі «Гусей» у Варшаве. Дзякуй калегам-сябрам, пасля спектакля дружна накінуліся на тое, каб прыбраць сцэну, і ўсё скласці па валізках. А сёння а 8-й раніцы я ўжо ехаў за арэндным грузавічком, бо а 9-й мы з Алегам ізноў удваіх цягалі дэкарацыі. Дзякуй Богу, кабіны трактара не было, бо ўжо адмовіліся ад яе. Каб не пазабівацца.    

Усё робім самі. На жаль, а можа і на радасць. Сам іграю, сам пяю, сам квіточкі прадаю. 

Як прайшоў фестываль у Любліне, дзе Купалаўцы паказалі шмат сваіх праектаў?

— Падобнае мерапрыемства заўсёды ўпіраецца ў фінансы. Бо трэба прывезці людзей, пасяліць, пакарміць, аплаціць усе арэнды. Уся гэта лагістыка – вялікая складанасць. Кожны артыст, каб выжыць у эміграцыі, працуе яшчэ недзе. Узяць і проста выехаць на тыдзень, складана: працадаўца можа не адпусціць.  

Але ўсё ўдалося. І беларусы Любліна аказаліся самымі шчаслівымі, бо змаглі пабачыць усе «жывыя» спектаклі Вольных Купалаўцаў. Гэта вельмі файная задумка арганізатараў: сабраць максімум Купалаўцаў у адным месцы.

«Дагэтуль ёсць людзі, якія шчыра вераць, што мы жывем на сродкі Паўла Латушкі, Офіса Ціханоўскай і амерыканскія гранты»

Увосень вам споўнілася 45. Як адзначылі?

— Дык ён праляцеў міма мяне. Нас запрасілі на фестываль з «Зэкамеронам», і мы з Алегам ізноў пакавалі дэкарацыі ў бусік. Я сеў за стырно, паехалі ў Беласток, шмат арганізацыйных пытанняў. І потым: «О! У мяне ж сёння дзень народзінаў». Хуценька зайшлі ўсе ў нумар, выпілі па келіху белага сухога віна, бо заўтра ж спектакль. І разышліся.

Пасля сяджу і думаю: «У мяне ж тыдзень таму народзіны былі!» Але ж гэта пазітыўны момант, бо была праца, сябры побач. І гэта галоўнае.

— Вы распавядалі год таму і пра прафесію кіроўцы таксі, пра розныя выпадкі з пасажырамі. І нават хтосьці вам раіў кнігу пра гэта напісаць. Мо за гэты год што дабавілася ў яе?

— Кожны дзень прыносіць усё новыя сюрпрызы ды неспадзяванкі. Але жыццё ідзе, і засяроджвацца на гэтым не вельмі хочацца. Галоўны прыярытэт для мяне — мастацтва і тэатр.

— Чула такое і ад астатніх. Нават жонка аднаго творцы, які таксама таксуе, сказала на эмоцыях: «Калі спытаюць мужа яшчэ раз пра працу кіроўцы, то не ведаю, што з імі зраблю!»

Але ж гэта нармалёвая тэма для беларусаў у вымушанай эміграцыі. І, калі вам непрыемна, то давайце шчыра пра гэта і скажам: «Задзяўблі».

— Не магу сказаць, што задзяўблі, бо не так часта пра гэта пытаюць, і не ўсе нават ведаюць. Дагэтуль ёсць людзі, якія шчыра вераць, што мы жывем на сродкі Паўла Латушкі, Офіса Ціханоўскай і амерыканскія гранты. Што сядзім нага за ногу, ездзім з фестываля на фестываль і больш нічога не робім.

Так думаюць і беларускія бізнесоўцы. Калі раптам на нейкай сустрэчы даведваюцца, што я заўтра сядаю за стырно і еду працаваць у таксі, то шчыра не разумеюць.

Адзін нават запытаўся: «Якое таксі?! Чаму таксі?» Я не вытрымаў: «А як жыць?»

І толькі тады да яго стала даходзіць, што Купалаўцы выжываюць самі. Пачаў мяне пытаць, а я адказваць: «Так, і гэты працуе ў таксі, а гэты ў дастаўцы». У яго быў шок.

Дапамогі, праўда, мы ніякай не дачакаліся, але чалавеку трошкі вочы расплюшчыў. Я працу ў таксі не хаваю, але не люблю пра гэта гаварыць. Гэта тое, што падтрымлівае мяне і маю сям’ю фінансава, я павінен гэта рабіць і раблю.

Ёсць беларусы, музыканты, якія ездзяць на гэтых вялікіх машынах, збіраюць смецце па дварах. Трэба жыць і трэба працаваць. І не думаю, што кожны з іх гатовы расказваць у інтэрв’ю, што раніцай ён напісаў новую песню, а потым усю ноч працаваў на мусаравозе.

— Але ж у гэтым плане вельмі паказальны кейс Аляксея Хлястова, якога падтрымалі людзі і ў іншым статусе. 

— Мы з ім трошачкі знаёмыя, ведаем адзін аднаго. Думаю, што гэта не была вясёлая гісторыя з «артыстаў ў таксісты». А далей залежыць ад чалавека, як ён ўспрымае.

Лёша – вельмі моцны чалавек, у сэнсе характара, волі. Ён не раскіс і змяніў гісторыю так, каб яна пачала працаваць на яго. Ён – малайчына.

Мне таксама шмат прапаноўвалі. Я і сам думаў: мо, які блог завесці. Бо гісторый, смешных і не вельмі, шмат. І з нажом сядалі людзі. Усялякае ў таксі можа здарыцца.

Я магу кожны вечар, хвілін на 10-15, выдаваць чарговую серыю нармалёвых акцерскіх баек: як прайшоў дзень «артыста-таксіста».

Напрыклад, сёння зоркі сышліся так, што Валодзя Пугач замовіў таксі, а прыехаў я. Рагаталі з ім усю дарогу.

Але зараз я не адчуваю патрэбы гэтым штодня дзяліцца з усім светам.

«Радуе, што вызваляюцца людзі. Не радуе, як гэты працэс гандлю людзьмі арганізаваны»

.— Што зараз самае цяжкае?

— Чалавек да ўсяго прызвычайваецца. Бытавыя праблемы, арэнда кватэры і пад’ёмы а пятай раніцы – гэта ўсё ўжо становіцца нейкім звыклым.

Самае цяжкае, што я працягваю каторы год займацца трошкі не сваёй справай. Усё ж такі мы – артысты. 20 гадоў я займаўся творчасцю, працаваў у Нацыянальным тэатры, на тэлебачанні. І зараз лічыць бухгалтэрыю, ганарары, падаткі, рэкламу... Гэта ж не маё, я гэтаму не вучыўся. Заўсёды гэта мучыць.

Вельмі радуюся, калі ўдаецца арганізаваць нейкі выступ ці гастролі. А потым разумею, што трэба садзіцца ды ўсё лічыць: што куды пайшло, каб ўсё сышлося, каб усім хапіла грошай. Звесці дэбет з крэдытам — для мяне галоўны жах (усміхаецца). 

А што сёння больш радуе?

— Радуе, што вызваляюцца людзі. Не радуе, як гэты працэс гандлю людзьмі арганізаваны.

Радуе тое, што ўсё адно я застаюся аптымістам. Я заўсёды ім быў, але ў цяжкіх умовах жыцця пачынаю радавацца нават мінімальнаму. Пагуляў сёння з сабакам, памыў машыну — ну крута. Сыгралі два спектаклі — клас!

Наперадзе Новы год, а, значыць, папрацую, зараблю грошай. Пасля, можа, куды-небудзь выеду з сям’ёй. Таксама класная думка, якая грэе. 

Пасля 2020-га некаторыя думалі, што ўвесь гэты жах на паўгады, максімум год. Затое 2022-гі дакладна адсвяткуем на Радзіме...

— Я сёння ноччу прыдумаў назву для наступнага года, нават напісаў калегам у нашым тэатральным чаціку: «веру і вельмі спадзяюся, што так будзе». А далей напісаў у адно слова, без прабелаў: што гэта будзе «дадомударогаўтваральны год». Складаны, але пазітыўны выраз нарадзіўся. Бо без надзеі як жыць?

А што адказваеце тым, хто кажа, што не трэба ілюзій і ружовых спадзяванняў?

— Мне таксама спрабавалі тлумачыць: «Вось, я паразмаўляў з псіхолагам, ён супраць ілюзій». Я ўсё разумею і жыву паводле прынцыпу: спадзяюся на лепшае, але рыхтуюся да горшага.

Каб хапала энергіі рухацца далей, я павінен бачыць нейкі пазітыўны фініш. І я яго бачу, нават па падзеях ва Украіне. Па тым, што адбываецца ў Расеі і нашай краіне.

Самае простае — занурыцца ў свае беды, апусціць рукі, страціць працу, апынуцца на вуліцы і быць дэпартаваным у Беларусь. А вось ісці супраць гэтай плыні, верыць і рухацца наперад — гэта складаней.

Так, ёсць калегі, якіх я называю рэалісты. Яны кажуць, што на дадзены момант усё, капут, можа, 10 ці 15 гадоў. Яны жывуць тут і цяпер, працуюць і ні пра што не думаюць.

З маёй кропкі гледжання гэта такое калі не чорна-белае, то малакаляровае жыццё. А калі верыш у лепшае, то выбудоўваеш жыццё пазітыўным чынам. Як той Валодзя Пугач, які хітрым вокам глядзіць ды кажа: «Рабяты, я тут часова. Часовая працоўная эміграцыя».

І ўсё — чалавек рухаецца далей, і таму ў яго жыццё каляровае. Нават у такіх, складаных для ўсіх нас, вымушаных жыццёвых умовах.