Общество

Кацярына Батлейка

Енджэй Якубоўскі: «Зараз у Беларусі адбываюцца такія рэчы, якія некаторыя палякі ўжо і не памятаюць»

Паляк, які вывучыў беларускую мову, распавёў «Салідарнасці» пра паездкі ў Беларусь, як піша лісты палітвязням і камунікуе з беларусамі.

Енджэй Якубоўскі. Усе фота з асабістага архіва героя

— Памятаю, як яшчэ ў падлеткавым узросце знаёмы паказаў фотаздымак, а я спытаў, што за чалавек на ім. «Ты што, не ведаеш, гэта ж Ленін?», — адказаў ён. Так я спачатку пачаў цікавіцца Расіяй. Потым успомніў, што мой дзядуля нарадзіўся ў вёсцы каля Баранавічаў, і пачаў больш цікавіцца Беларуссю, — распавядае Енджэй Якубоўскі. — Спачатку паступіў ва ўніверсітэт на кірунак «усходазнаўства», потым напісаў магістарскую на тэму эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі праз пабудову БелАЭС, а таксама скончыў беларускую філалогію.

Дзядуля Енжэя памёр за 20 гадоў да яго нараджэння, калі яго бацьку было ўсяго 12. Таму гісторыі пра дзеда яму расправядала бабуля. У 2019-м хлопец вырашыў паехаць у тую самую вёску пад Баранавічамі, каб вярнуцца ў месца паходжання сваіх сваякоў.

— Паехаў разам з калегам, бо хацеў зрабіць дзве рэчы адначасова: паглядзець на вёску і атрымаць матэрыялы для бакалаўрскай працы. Цікава было, што ў Зубелевічах ёсць толькі адна вуліца, і гэта вуліца Леніна. На пачатку мясцовасці праваслаўныя крыжы, а ў канцы — каталіцкія. Таму адну частку, як мне распавялі жыхары, называюць Масквой, а другую — Варшавай.

Пабываць у гэтых мясцінах было вельмі важна для мяне, бо я знайшоў месца, адкуль паходжу. І гэта было вельмі прыемна. Спытаўся ў мясцовай жыхаркі пра магчымых сваякоў, і яна намагалася дапамагчы, нібыта таксама шукала сваіх. Проста цудоўна! Але, на жаль, нікога не знайшоў: з нашымі прозвішчамі ў мясцовасці было шмат людзей.

Акрамя вёскі, дадае Енджэй, ён завітаў у Баранавічы. Дзеля бакалаўрскай працы ён звяртаў увагу на моўныя асаблівасці жыхароў, шыльды, музыку, якая грала на вуліцах.

— Памятаю, людзі спявалі песні Віктара Цоя. На вуліцах і ў крамах пераважала расійская мова, але час ад часу сустракаў і беларускамоўных жыхароў. У бібліятэках большасць кніг была пра Беларусь, але ў кнігарнях пераважае расійская мова. Акрамя таго, кнігі для навучання беларускай мовы былі даволі дарагія.

У праваслаўнай царкве пропаведзь праводзілі на расійскай мове. Перад пачаткам я спытаў у мясцовай жыхаркі, на якой мове яна будзе, — яна адказала: «На нашай, расійскай». У каталіцкім касцёле быў польскі святар, але імша праходзіла на беларускай мове. Пасля яе заканчэння людзі размаўлялі з ксяндзом на расійскай, а ён на беларускай.

У Баранавічах звярнуў увагу, канешне, на помнік Леніну. А вось што спадабалася, гэта тое, што брама ў горадзе (недзе каля трох кіламентраў ад цэнтра) была ў бела-чырвона-белых колерах.

Я, дарэчы, падзяляю любоў беларусаў да бульбы. Усё жыццё жыву ў Вялікапольшчы, дзе таксама вельмі любяць бульбу.

Зараз Енджэй размаўляе на беларускай мове вельмі ўпэўнена. Ён прызнаецца, што калі пачаў вывучаць беларускую, то ўжо троху ведаў расійскую. Гэта, а таксама валоданне польскай, дапамаглі яму вывучыць нашу мову даволі хутка.

— Я нават абраў складаны шлях і вырашыў пісаць і гаварыць паводле класічнага правапісу. Мне вельмі падабаецца слова «шмат». У польскай мове гэтае слова выкарыстоўваецца толькі ў словазлучэннях «шмат часу» і «шмат дрогі».

Заўважыў, што ў беларускай мове ёсць словы, якія падобныя да словаў на расійскай, а таксама да польскай. І мне вельмі падабаецца, што ў нас ёсць выбар, якое слова выкарыстоўваць. Напрыклад, можна казаць «трускаўка», а можна «клубніцы». Некаторыя беларусы, якія не ведаюць беларускую мову, кажуць, што ў іх няма такой лексікі, каб выказаць тую ці іншую думку, і таму размаўляюць па-расійску. Я не згодны — словы ёсць! І ў хіміі, фізіцы таксама ёсць.

Я, дарэчы, лічу, што беларуская інфармацыйная прастора павінна больш напаўняцца беларускай мовай. І пісаць на ёй трэба не толькі пра палітыку ці гісторыю, бо на гэтым беларуская мова не скончваецца. Трэба пісаць артыкулы ў тым ліку на звычайныя штодзёныя тэмы: сэксуальнасць, фінансы, фізіка, біялогія і г.д. Каб людзі, якія цікавяцца гэтым, чыталі інфармацыю на беларускай мове.

— Я ведаю, што ты вельмі цікавішся беларускай павесткай, падтрымліваеш дэмакрычны рух. Чаму гэта важна для цябе?

— Гэта не цікавасць, а абавязковасць. Зараз у Беларусі адбываюцца такія рэчы, якія некаторыя палякі ўжо нават не памятаюць, бо яны адбываліся да 1990 года. Беларусы сядзяць у турме за каментары ў Фэйсбуку. Не ведаю, як гэта магчыма, але гэта адбываецца ў нашай суседняй краіне.

Таму я пішу лісты палітвязням — часцей за ўсё людзям культуры, пісьменнікам, бо без іх беларуская культура не жыла б далей. Сімвалам для Польшчы з'яўляецца Анджэй Пачобут, які не проста сядзіць у турме, але і амаль не мае кантактаў з людзьмі.

Таксама я сустракаюся з беларусамі Польшчы, каб даведацца, як яны сябе адчуваюць і як можна ім дапамагаць. Вельмі цяжкае і важнае пытанне, як зараз можна дапамагаць беларусам унутры краіны, каб яны адчувалі, што не засталіся сам-насам.

Мае сябры-палякі час ад часу згадваюць пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. І я магу папраўляць іх думкі. Некаторыя кажуць, што калі мітынгаваць сёння немагчыма, то навошта людзі гэта робяць. Мне трэба ім тлумачыць, што цяпер людзі трапляюць у турму за тое, што паставілі падабайку ці напісалі каментар, а не за тое, што выйшлі на пратэст у небяспечны час.

— Дарэчы, час ад часу ў сеціве з’яўляюцца влогі ад палякаў, якія ездзяць у Беларусь. Звычайна яны кажуць пра чысціню і ніжэйшыя кошты ў нашай краіне. Як ты да гэтага ставішся?

— Я згодны з тым, што ў Беларусі ўсё выглядае цудоўна. Але чаму там так чыста і ў парадку? Чаму там ніжэйшыя цэны? Беларусь залежная ад Расіі краіна. І нават калі цэны там нават крыху ніжэйшыя, чым у Польшчы , гэта не значыць, што там лепш.

Тое, як палякам жывецца ў Польшчы і беларусам у Беларусі — гэта зусім розны узровень. Калі палякі паедуць у Беларусь, ім па коштах будзе лепш, як і калі немцы прыедуць у Польшчу, ім будзе таксама лепш. У такім сэнсе немагчыма параўнаць Польшчу і Беларусь.

Пра гэтым беларусы — вельмі прыемныя людзі. Я ніколі не меў з імі дрэнных адносінаў, нават калі мы не пагаджаліся на нейкія тэмы. Лічу, што палякам трэба памятаць, як жывецца ў гэтай краіне звычайным людзям.

— Што б ты сказаў беларусам у Беларусі і ў эміграцыі?

— Трымайцеся! Я не адзін паляк, які верыць у тое, што ў Беларусі можа змяніцца ўлада. Калі вы ў эміграцыі, памятайце, што вы беларусы і не забывайце сваю мову. Калі яна знікне, можа знікнуць беларускі народ. Як сказаў Багушэвіч: не пакідайце мовы сваёй, каб не ўмёрлі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)