Общество

Алеся Матусевіч

Ірына Шчасная: «Робіш нешта, каб хаця крышачку палепшыць гэты свет у складаныя часы»

Як працуе зладжаны беларусамі Пункт нязломнасці ў Кіеве.

На гэтым тыдні ва ўкраінскай сталіцы пачаў працу беларускі Пункт нязломнасці. Гэта адно з тых месцаў, дзе жыхары Кіева, хто застаўся праз расейскія абстрэлы без цяпла, гарачай вады і электрычнасці, могуць адпачыць, сагрэцца, зарадзіць тэлефоны, падлучыцца да інтэрнэту і скарыстацца аптэчкай.

Тут і далей фота з фэйсбуку Ірыны Шчаснай і валанцёрскага цэнтру «Сустрэча»

Адна з тых, хто валантэрыць у Пункце нязломнасці — беларуска, былая палітзняволеная Ірына Шчасная. Яна распавяла «Cалідарнасці» пра тое, як ініцыятыву Алены Жаркевіч і валанцёрскага цэнтру «Сустрэча» падтрымалі землякі з розных краін, як ставяцца да гэтай дапамогі ўкраінцы і чаму кожны крок важны.

— У навакольных дамах тэмпература ў кватэрах трымаецца на ўзроўні 5—10 градусаў цяпла, апалення няма, а электрычнасць з’яўляецца не больш як на 4 гадзіны на суткі. У такіх крытычных умовах людзям як ніколі патрэбныя падтрымка і цяпло — ва ўсіх сэнсах гэтага слова, — пазначае беларуска.

Яна дадае, калі жыхары Кіева даведваюцца, што гэты намёт у Дарніцкім раёне сталіцы паставілі беларусы, то шчыра ўсміхаюцца і дзякуюць:

Галоўнае ўражанне — колькі я тут знаходжуся, я не пачула ніводнага варожага слова, ні папрокаў, нічога. Людзі прыходзяць, дзякуюць, прапануюць сваю дапамогу: памыцца, напрыклад, ці бабулечкі прыносяць хатнюю ежу, чыпсы, прысмакі, і амаль крыўдзяцца, калі не возьмеш.

— Прыходзіла жанчына, у якой сын служыць у штурмавой брыгадзе, сказала: я вось тут недалёка жыву, прыходзьце ў любы момант, калі трэба душ, я ўсё зраблю. Таксама суседзі па раёне ўсяляк падтрымліваюць, адміністрацыя Дарніцкага раёна паказала нам бамбасховішча, цудоўна абсталяванае, дзе таксама можна памыцца і адпачыць.

Дый проста людзі, кажа беларуска, падыходзяць, дзякуюць, прыносяць гасцінцы — «у нас гарбаты ўжо мільён».

— Я вельмі расчуленая стаўленнем украінцаў да нашай ініцыятывы — гэта мякка кажучы.

У абсталяванні пункта нязломнасці, дарэчы, узялі ўдзел не толькі беларусы ва Украіне, але і шматлікія суполкі з Польшчы і Літвы, Нямеччыны і Італіі, Канады, ЗША — хто фінансава, хто рэчамі. І гэтая дапамога працягваецца, кажа Ірына:

— Ведаю, што проста зараз да нас едуць з Польшчы пледы, цёплыя рэчы. Наогул не будзе лішнім усё, што абагравае — цяпер яшчэ не скончыўся студзень, наперадзе люты і сакавік, а выжываць пад абстрэламі, у холадзе і без электрычнасці надзвычай цяжка.

Трэба адзначыць, што мы ў такім раёне, дзе бываюць прылёты. І я бачыла на ўласныя вочы не аднаго чалавека, у якіх павыбівала вокны, і тэмпература ў кватэры трымаецца на мінусе. То для гэтых людзей патрэбная і каштоўная любая дапамога: цёплыя рэчы, спальнікі, гарбата, грошы — усё, што дапаможа пратрымацца.

Таму, калі гэта бяспечна і ёсць магчымасць, кожны ахвотны можа падтрымаць беларускі Пункт нязломнасці, а таксама звязацца з валанцёрамі ў сацсетках і прапанаваць сваю дапамогу.

І яшчэ ў гэтым раёне шмат людзей сталага ўзросту, якім асабліва цяжка і самотна. Яны прыходзяць часам нават не каб абагрэцца, а выказаць свой боль, распавесці, што яны стаміліся… Хоцькі-няхоцькі, мы ўсе тут становімся і троху псіхолагамі.

Між тым, і сама актывістка зазнала на радзіме палітычны пераслед, правяла ў няволі амаль 4 гады, была ўнесеная ўладамі ў «спіс экстрэмістаў» і была вымушаная пакінуць радзіму з-за рызыкаў паўторнага арышту. Наколькі важна для яе быць у гэтыя дні ва Украіне і дапамагаць наўпрост?

— Асабіста для сябе я нічога складанага, цяжкага ў гэтым не бачу, — адказвае Ірына. — Спачатку было цяжкавата перажыць холад, але і да гэтага можна прыстасавацца. Першы раз, калі адчула на сабе абстрэл — было страшна, але другі, трэці — ужо нармальна.

Калі ты заняты чымсьці, то нестае часу на тое, каб дбаць пра сябе, пра свае ўласныя патрэбы. Ты жывеш гэтай справай, бачыш чалавечыя ўсмешкі, шчырую ўдзячнасць, чуеш добрыя словы — і робіцца лягчэй. Бо разумееш, што робіш нешта, каб хаця крышачку палепшыць гэты свет у складаныя часы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(8)