Івонка Сурвілла: «Набрацца сілаў, каб магчы неадкладна брацца за так патрэбную працу на карысьць нашай Бацькаўшчыны»
Навагодні зварот Старшыні Рады БНР.
«Дарагія мае Суродзічы — Беларусы!
Дачакаліся мы зноў нашых цудоўных Калядных і навагодніх Сьвятаў, сьвятаў надзеі, калі мы жадаем адны другім, каб сьвет неяк у хуткім часе зьмяніўся на лепшае.
Нажаль, у гэтым годзе гэтая надзея ня споўнілася дзеля злыдняў, якія або нас нішчаць або трымаюць у няволі. Нашая зямля па крысе зноў пераходзіць у рукі захопнікаў, у якіх адна мэта — сьцерці нас з паверхні Зямлі!
Дарагія мае Суродзічы, таму што нам прышлося шмат перажыць за апошняе стагодзьдзе, многія з нас адзінае што жадаюць гэта выжыць неяк да лепшых часоў.
Але ня веру, што наш народ пойдзе ў няволю, каб выжыць! Мы за моцна любім нашую зямлю, за моцна цэнім нашыя людзкія правы каб задаволіцца чужым кавалкам хлеба!
Моцна спадзяюся на нашае пачуцьцё годнасьці і нашыя Эўрапейскія карані, мае дарагія Сябры! Кожны з нас здольны прыдумаць як можна даваць сабе рады і адначасна працаваць на карысьць свайго народу. Трэба толькі выбраць свой шлях. Адзінае на што мы ня можам сабе дазволіць, гэта быць абыякавымі!
Днямі я мела радасьць пагутарыць зь некаторымі нашымі змагарамі за вольную і незалежную Беларусь, якіх Лукашэнка трымаў за кратамі — з Алесем Бяляцкім і Паўлам Севярынцам. Яны ёсьць прыкладамі нязломнасьці і адданасьці Бацькаўшчыне. Асабліва кранула мяне гутарка са Зьмітром Дашкевічам і ягонай жонкай Настай, якія разам з чатырма дзеткамі, нарэшце ўзьядналасіся. Нажаль, адбылося гэта не на беларускай зямлі. І сёньня тысячы беларускіх сем’яў разьяднаныя ці турэмнымі кратамі, ці дзяржаўнымі межамі.
Будзем верыць у тое, што ў бліжэйшым часе ўсе беларусы змогуць быць разам на сваёй вольнай радзіме.
Дык жадаю маім дарагім неабыякавым Суродзічам утульна правесьці гэтыя Сьвяты, а перад усім набрацца сілаў, каб магчы неадкладна брацца за так патрэбную працу на карысьць нашай Бацькаўшчыны.
Дык жадаю Вам посьпеху, дарагія мае Сябры!
Памажы Вам Божа!!!
Жыве Беларусь!»
Читайте еще
Избранное