Навумчык: «Гэта адкідванне ў XVIII стагоддзе, для беларусаў памятнае падзелам Рэчы Паспалітай і больш як двухсотгадовай акупацыяй Расейскай імперыяй»

Палітычны аглядальнік Сярей Навумчык – пра новую палітычную рэальнасць.

– ЗША прапануе Кіеву аддаць Расеі Данбас – а ўзамен атрымаць «надзвычай моцныя» гарантыі, – піша Сяргей Навумчык. – Праблема ня толькі ў тым, што пры гэтым Расея не губляе нічога. Істотна тое, што Ўкраіна, аддаючы частку сваёй тэрыторыі – нічога не атрымлівае.

Сяргей Навумчык

Якія такія «гарантыі» прапаноўвае Вашынгтон? Мадэль 5-га артыкулу NATO? А вы пачытайце гэты артыкул – у выпадку нападу на краіну-члена альянсу ён, фактычна, гарантуе толькі пачатак кансультацый, а ніяк не абавязковыя ваенныя дзеяньні супраць агрэсара.

І калі, напрыклад, Пуцін праз Беларусь пачне прабіваць «Сувалкаўскі калідор», а Бэрлін, Парыж ды Лондан адмовяцца абараняць і ваяваць з расейскімі часткамі – што пагражае заходнім лідэрам? Ды нічога. Як ня меў наступстваў для лідэраў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі 2014 год, калі яны не абаранілі Украіну.

Магчыма хтосьці забыўся, але я добра памятаю, што ў 1994 Будапэшцкі мэмарандум успрымаўся цалкам сабе як паўнавартасны дакумэнт, ён прайшоў адпаведныя экспэртызы, і слова «гарантыі» было нават у загалоўку. Кожны, хто ўсумніўся б вартасьці дамовы, падпісанай кіраўнікамі аж пяці краінаў, быў бы падвергнуты астракізму. Але адбылася анэксія Крыму – і мы даведаліся вартасьць тых гарантыяў.

Трамп усяго толькі з ашаламляльным цынізмам (іншыя скажуць – зь цьвярозым рэалізмам) артыкулюе тое, што ўжо зрабілася рэальнасьцю: дамоўленасьці ня працуюць, дзейнічае толькі права моцнага. Кажучы яшчэ больш проста – значэньне мае толькі зброя. Больш нічога. Пра міжнароднае права варта забыцца ўвогуле.

Гэта нават не вяртаньне на часы да Другой усясьветнай вайны – гэта адкідваньне ў XVIII стагодзьдзе, для беларусаў памятнае падзелам Рэчы Паспалітай і ў выніку больш як двухсотгадовай акупацыяй Расейскай імпэрыяй.

Сапраўднай гарантыяй для Ўкраіны былі б, як мінімум, наяўнасьць самага шырокага спэктру наступальнай зброі, уключна з ракетамі далёкага радыюсу дзеяньня і разьмяшчэньне на яе тэрыторыі войскаў краінаў-гарантаў. Першае – дазваляла б адэкватна адказваць на абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, другое – фактычна прадухіляе і абстрэлы, і наземныя баявыя дзеяньні, бо ў выпадку агрэсіі амэрыканскае ці францускае падразьдзяленьне будзе проста вымушанае ўступіць у бой з агрэсарам.

Але мы бачылі, чым скончылася эпапэя з «тамагаўкамі», і чуем заявы заходніх лідэраў, што яны ня маюць намеру рызыкаваць жыцьцямі сваіх вайскоўцаў.

Фактычна, Украіне прапаноўваецца здача тэрыторый узамен на мір. Але гэта можна было зрабіць ужо ў лютым 2022-га, без крыві, пакутаў, мільёнаў уцекачоў і разбурэньняў. І называецца гэта – капітуляцыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(9)