Навумчык: «Не сьмяяліся б, калі б ужо сёньня дрон NATO прызямліўся на Краснай плошчы ў Маскве»

Палітычны аглядальнік — пра тое, чаму ня варта спадзявацца на гарантыі NATO.

— Марк Рютэ, былы прэм’ер Нідэрляндаў і цяперашні генсек NATO, сказаў, што рыхтуемая дамова мусіць быць такой, каб Пуцін ведаў: калі ён ізноў паспрабуе уварвацца ва Ўкраіну, наступствы для яго будуць «зьнішчальныя», — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Рютэ — адзін з найбольш адэкватных эўрапейскіх палітыкаў, на мой погляд. Пасада генсека накладае на яго абавязак надзвычай шчыльна фільтраваць свае словы, гэта зразумела.

Але зразумела, на жаль, і тое, што ніякіх «зьнішчальных наступстваў» для Пуціна ня будзе. Ігнараваньне Будапэшцкага мэмарандуму пераканала Крэмль, што дамовы ў «дзіўным, новым сьвеце» (антыўтопія Олдаса Хакслі спраўдзілася) нічога ня вартыя.

І сёньня страх за наступствы можа ўзьнікнуць не з прычыны нейкай хай бы нават і самай дасканалай дамовы, а выключна толькі ў выніку дзеяньняў.

А дзеяньняў — няма. Вось сёньня расейскі дрон ізноў заляцеў на тэрыторыю краіны NATO. Ня ведаю, ці была ўжо выказаная «глыбокая занепакоенасьць»; магчыма і была, але ў Крамлі толькі пасьмяюцца.

Не сьмяяліся б, калі б ужо сёньня дрон NATO прызямліўся на Краснай плошчы ў Маскве з сінхроннай заявай Брусэлю: так, гэта наш дрон, і гэта не выпадковасьць, гэта наш адказ, а наступным адказам будзе ракета.

Ды толькі Захад ужо ня здольны на адэкватныя адказы, сытуацыя з Украінай гэта сьведчыць ад 2014 году. Захад нават ня можа канфіскаваць на карысьць Украіны расейскія грошы ў заходніх жа банках. Уявіце, каб у банках Лондану ці Нью-Ёрку ў 1942 годзе захоўваліся фінансы Гітлера, а Чэрчыль і Рузвэльт спасылаліся на «небясьпеку падзеньня даверу патэнцыйных інвэстараў».

Цяпер спрачаюцца: а ці будзе Захад ваяваць за Нарву ці Сувалкі? Захад ня будзе ваяваць за Бэрлін ды Парыж, бо, не жадаючы ваеннай сілай умешвацца ў вайну на баку Ўкраіны, ён не разумее, што даўно ў вайне супраць сябе, і што ўжо праігрывае гэту вайну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)