Партнеры

Кацярына Батлейка

Псіхолаг: «Як падрыхтаваць дзіця да нявызначанасці, калі мы самі не ведаем, што будзе праз год?»

З якімі выклікамі сутыкаюцца сёння беларускія бацькі і як іх пераадолець?

Псіхолаг і аўтар курса «Свядомае бацькоўства ва ўмовах няпэўнасці» распавёў «Салідарнасці», з чым сёння сутыкаюцца беларускія сем'і і што трэба ведаць бацькам пра выхаванне.

Непрадказальнасць свету, ідэалагічны ціск, эміграцыя, штучны інтэлект і змена ролі бацькоў — усё гэта стварае новыя выклікі для сучасных сем’яў. Асабліва востра гэтыя пытанні стаяць для беларусаў — як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Пра тое, з чым сёння сутыкаюцца бацькі, як дапамагчы ў сучасных таксічных умовах свайму дзіцяці развівацца і не страціць каштоўнасці сям'і, а таксама выбудаваць здаровыя межы, «Салідарнасць» пагаварыла з псіхолагам, трэнерам нефармальнай адукацыі і аўтарам курса «Свядомае бацькоўства ва ўмовах няпэўнасці» Васілём Пронем.

«Дзеці пытаюцца: навошта чытаць кнігі, калі ШІ можа ўсё распавесці?»

— У бацькоў цяпер шмат выклікаў. Першыя з іх звязаныя з развіццём інфармацыйных тэхналогій. Раней гаворка ішла пра гаджэты, сацыяльныя сеткі і медыя, цяпер да гэтага дадаўся штучны інтэлект, — кажа Васіль. — Дзеці пытаюцца: навошта чытаць кнігі, калі ШІ можа ўсё распавесці? Навошта вучыцца лічыць, калі гэта можа зрабіць умоўная «Аліса»?

Васіль Пронь. Фота з асабістага архіва эксперта

Другі блок выклікаў — тое, што адбываецца ў свеце цяпер: непрадказальнасць палітычная, сацыяльная, эканамічная, экалагічная. Гэта павялічвае нявызначанасць будучыні, уплывае на ўпэўненасць бацькоў: ці змогуць яны, па-першае, выконваць свае бацькоўскія ролі, а па-другое, выхаваць самастойнае дзіця? Бацькі задаюцца пытаннем, як падрыхтаваць дзіця да нявызначанасці, калі мы самі не ведаем, што будзе праз год.

Калі казаць пра беларускія сем’і, то на ўсё вышэйпералічанае накладваецца яшчэ і сацыяльна-палітычная сітуацыя — і ў Беларусі, і ў эміграцыі. 

У Беларусі мы назіраем ідэалагічны ціск і зніжэнне якасці адукацыйнай базы. Закрываюцца прыватныя садкі і школы — альтэрнатыў дзяржаўным установам становіцца ўсё менш. Абараняць правы свайго дзіцяці цяпер можа быць небяспечна, што ўзмацняе страх і адчуванне нявызначанасці.

У эміграцыі беларусы сутыкаюцца з выклікамі адаптацыі да новага асяроддзя, і сваю ролю тут таксама адыгрывае ўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне. Ёсць і абмежаванні з дакументамі, і іншыя цяжкасці. Пры гэтым у большай ступені эміграцыя ўплывае на бацькоў: у іх становіцца менш рэсурсу для выхавання дзяцей, а блізкіх побач часта няма. Мы бачым, што многія сем’і разарваныя — бабулі і дзядулі застаюцца ў Беларусі, і сувязяў з сям’ёй у шырокім сэнсе становіцца менш.

— У Беларусі шмат дзяцей не могуць быць шчырымі дзеля бяспекі сваёй сям’і. Напрыклад, Вольга Севярынец нядаўна распавяла, што прасіла іх з Паўлам сына асабліва не распавядаць пра бацьку ў школе. Хлопчык дзеля бяспекі нават не намаляваў тату на малюнку. У такой сітуацыі знаходзяцца многія сем’і. Якую стратэгію тут лепш абіраць і пра якія наступствы варта ведаць?

— Тут усё залежыць ад узросту дзіцяці: ці здольнае яно ўжо разумець, каму і што можна казаць, а каму — не. Калі разумее, такі падыход можа працаваць, але гэта ўсё роўна стварае напружанне.

З аднаго боку, фарміруецца звычка ўтрымліваць дзве рэальнасці: знешнюю і ўнутраную, сямейную. Паўтаруся, усё залежыць ад узросту. Калі дзіця маленькае, для яго гэта можа выглядаць як супярэчлівы пасыл: з бацькамі трэба быць шчырым, а з дарослымі ўвогуле не трэба. І тады ўзнікае пытанне: ці не вучаць бацькі падманваць?

У такой сітуацыі адбываецца канфлікт паміж каштоўнасцямі сям’і і пытаннем выжывання. Бацькі шукаюць спосабы абараніць дзіця, і гэтыя спосабы могуць быць рознымі. Хтосьці падаўляе ўласныя каштоўнасці дзеля бяспекі і выхоўвае дзіця так, як патрабуе прапаганда — не таму, што падзяляе яе, а каб абараніць.

Хтосьці падзяляе прасторы: у сям’і ёсць свае каштоўнасці, але пра іх нельга гаварыць па-за домам. Хтосьці спрабуе падзяліць прастору фізічна — ісці туды, дзе можна больш-менш свабодна выказвацца і быць у бяспецы. Важна, каб у дзіцяці было некалькі такіх бяспечных прастор, бо калі яно напружанае паўсюль, акрамя дома, гэта можа прывесці да стрэсу, эмацыйных зрываў і замкнёнасці.

Трэба сказаць, што такія выклікі часам могуць і ўмацоўваць асобу, але гэта, безумоўна, не лепшы спосаб развіцця дзіцяці. Калі такая сітуацыя ўжо ёсць, вельмі важна кампенсаваць яе дадатковым рэсурсам. А галоўны рэсурс для дзяцей — гэта блізкасць з бацькамі і іх падтрымка.

Акрамя таго, каштоўнасці можна трансляваць ускосна — праз казкі, гісторыі, уласныя паводзіны. Калі для вас важная мова — больш выкарыстоўвайце яе дома. Калі важная гісторыя — глядзіце фільмы, чытайце кнігі. Не закранаючы тэмы, якія дзіця яшчэ не здольнае вытрымаць эмацыйна. Гэта патрабуе часу і сіл, а калі бацькі самі знаходзяцца ў рэжыме выжывання — гэта вельмі складана.

— А калі казаць пра эміграцыю: як бацькам дапамагчы сабе і дзіцяці ў новым асяроддзі? Часам у сацсетках з’яўляюцца гісторыі пра цяжкасці адаптацыі дзяцей, напрыклад, у Польшчы.

— Адразу адзначу, што кажу пра свой уласны досвед, не масавы трэнд. Я сам жыву ў Польшчы, шмат маіх кліентаў таксама, і ў большасці выпадкаў я сустракаў адэкватнае стаўленне і да бацькоў, і да дзяцей.

У кожным канкрэтным выпадку важна разабрацца, ці сапраўды існуе праблема, ці гэта боль бацькоў, якія знаходзяцца ва ўразлівым стане. Бацькі часта вельмі востра рэагуюць на дзіцячыя канфлікты. Але дзеці сацыялізуюцца, і не бывае так, каб яны ніколі не сварыліся.

Праз уразлівы стан бацькоў канфлікт можа ўспрымацца як праблема, звязаная з нацыянальнай прыналежнасцю. Таму я б раіў аналізаваць сітуацыю. Калі праблема рэальная — трэба абараняць дзіця ўсімі легальнымі сродкамі: размаўляць з дырэктарам, настаўнікамі, мяняць школу. Акрамя гэтага, бацькі могуць вучыць дзяцей канструктыўным спосабам камунікацыі, бо нават канфліктныя тэмы можна абмяркоўваць без агрэсіі.

«Пра пакаранне мы часта чуем ад дарослых: «Нам давалі рэменя, калі штосьці не так зрабілі, — і нічога, выраслі»

Падыходы да выхавання дзяцей з часам змяняюцца, адзначае псіхолаг. Увогуле Васіль вылучае чатыры асноўныя падыходы: пакаранне, заахвочванне, уседазволенасць і перанакіраванне паводзін у канструктыўнае рэчышча.

— Апошні — найбольш сучасны, але астатнія таксама дагэтуль выкарыстоўваюцца. Пра пакаранне мы часта чуем ад дарослых: «Нам давалі рэменя, калі штосьці не так зрабілі, — і нічога, выраслі». Але калі прыгледзецца, часта гэта магло рабіць людзей больш дысцыплінаванымі, але падаўляла ініцыятыўнасць. Такая мадэль добра ўпісваецца ў аўтарытарнае асяроддзе, але дрэнна — у гуманістычнае.

Мінус пакарання ў тым, што там шмат страху. Дзіця, якое выхоўвалася ў такой сістэме, у дарослым жыцці будзе мець абмежаванні ў галаве: туды не хадзі, то не рабі, бо атрымаеш. Казаць пра шчасце ў гэтай сістэме выхавання складана. Гэта хутчэй пра выжыванне.

Метад заахвочвання — «зробіш гэта, атрымаеш тое» — таксама не найлепшы. Ён пазбаўляе дзіця ўнутранай матывацыі. Калі за адзнакі абяцаюць айфон, дзіця вучыцца не дзеля ведаў, а дзеля ўзнагароды.

Уседазволенасць часта ўзнікае ў сем’ях, дзе бацькі вельмі занятыя працай, бізнесам. Маўляў, мы хочам лепшага для цябе, дадзім грошай, а ты рабі ўсё сам. У гэтым падыходзе дзецям не хапае межаў і кантакту з бацькамі. У дарослым жыцці гэта можа прыводзіць да праблем з межамі: або людзі будуць вельмі чуллівыя і абразлівыя, або будуць парушаць чужыя межы. Ёсць нават гіпотэза, што дзеці з такім досведам часцей схільныя да неканструктыўных паводзін — такім спосабам яны спрабуюць адчуць межы.

Бацькам не трэба выбіраць паміж дрэннымі варыянтамі. Трэба асвойваць адэкватны: вучыць дзіця межам, звязаным з бяспекай і наступствамі.

Нармальная форма камунікацыі бацькоў з дзецьмі — праз дамоўленасці. З дзецьмі трэба вучыцца весці перамовы, дамаўляцца пра наступствы, калі дамоўленасці былі парушаныя. Тут важна, каб бацькі самі былі адказныя: калі паабяцалі, што ў выходныя пойдзеце ў кіно, і не пайшлі, трэба прапанаваць нейкую кампенсацыю дзіцяці — і сваім прыкладам паказваць, як гэта працуе.

— Часам дзеці, якія сутыкнуліся з нейкімі цяжкасцямі ў садку ці ў школе, не распавядаюць пра гэта бацькам. Ці можна пазбегчы такой сітуацыі або, калі яна ўжо здарылася, дапамагчы ў яе вырашэнні?

— Трэба працаваць над тым, каб захоўваўся давер. Гэта таксама залежыць ад метадаў выхавання. У сістэме пакарання даверу няма. У заахвочванні таксама: навошта дзяліцца, калі за гэта нічога не атрымаеш? Калі гэта ўседазволенасць, дзіця ўвогуле можа адчуваць, што бацькам яно абыякавае.

Тут важна, каб пры складанасцях бацькі былі на баку дзіцяці, асабліва ў публічнай прасторы. А ўжо пасля падтрымкі можна спакойна абмяркоўваць, як выправіць сітуацыю, калі дзіця памылілася. Не караць, а шукаць спосабы кампенсацыі. Тады верагоднасць таго, што дзіця будзе баяцца вам штосьці распавесці, значна зменшыцца.

Калі вы ўсё ж бачыце, што штосьці адбываецца, а дзіця не кажа — трэба выдзеліць час, каб стварыць бяспечную прастору, дзе дзіця будзе адчуваць, што можа з вамі паразмаўляць. Тут вельмі важна быць сканцэнтраваным на дзіцяці і прысвячаць яму час. І не трэба ціснуць, ну скажы, давай расказвай, што ў цябе там. Калі будзе бяспечная прастора, яно само скажа. Часам дзеці і хацелі б распавесці, але бацькі заўсёды штосьці робяць і кудысьці бягуць.

«Ёсць міф, што псіхолагі заўсёды за захаванне сям’і любой цаной»

Яшчэ адна праблема, якая закранае шмат беларускіх сем'яў, — шлюбаразводны працэс, што ўплывае на ўсіх членаў сям'і. Паводле апошніх звестак (за 2024 год) у Беларусі было зарэгістравана каля 46,2 тысячы шлюбаў і 34,9 тысячы разводаў.

— Усё яшчэ сустракаецца міф, што псіхолагі заўсёды за захаванне сям’і любой цаной. Гэта не так. Канешне, лепш за ўсё, калі бацькі разам і шчаслівыя. Калі так не атрымліваецца, ёсць выбар. Раней больш сацыяльна прымальным было заставацца разам дзеля дзіцяці. Але гэта горшы варыянт, чым калі бацькі нармальна разышліся і захавалі кантакт і сумеснасць у выхаванні дзяцей. Тады дзіця атрымлівае прысутнасць абаіх бацькоў у жыцці і досвед, як можна быць шчаслівым. Гэта лепш, чым калі людзі ахвяруюць якасцю жыцця дзеля дзяцей. У такім выпадку дзеці вучацца ахвярным паводзінам.

Таксама вельмі важна не ўжываць дзяцей як сродак барацьбы або помсты паміж бацькамі, што сустракаецца нярэдка і не найлепшым чынам уплывае на стан дзяцей.

Хутка ў адукацыйным хабе Нацыя Лідараў стартуе курс «Свядомае бацькоўства ва ўмовах няпэўнасці», адным з вядоўцаў якога будзе Васіль Пронь. На яго можа запісацца кожны жадаючы.

— Курс актуальны заўсёды, але асабліва ў час нявызначанасці, калі ў бацькоў менш рэсурсу. Ён дапамагае не дзейнічаць наўздагад, а разумець, што працуе, а што — не.

Вельмі важна, каб бацькі найперш паклапаціліся пра свой стан, каб у іх быў рэсурс паклапаціцца пра дзяцей. То пачынаем з гэтага, а далей будзем вучыцца, як выконваць асноўныя бацькоўскія ролі, рыхтаваць дзяцей да самастойнасці і быць гаспадарамі свайго жыцця.

На курс прыходзяць і тыя, хто толькі рыхтуецца стаць бацькамі, але ў асноўным ён разлічаны на бацькоў дзяцей ад 3-4 да 18 гадоў. Пры гэтым курс будзе карысны і тым, у каго дзеці яшчэ зусім малыя або ўжо дарослыя — бо кожны дарослы калісьці быў дзіцём.

Зарэгістравацца на бясплатны анлайн-курс можна па спасылцы да 15 лютага. Старт патоку — 16 лютага.

Партнёрскі матэрыял

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(3)