Не да культуры, адным словам! Хлявоў паболей трэба, каб быдла там трымаць! А людзі... А што людзі? Яны ж ня быдла, могуць і пацярпець, праўда?
Руселік: «Ці зажывем мы з вамі лепей, калі наагул заб’ем на культуру і збудуем яшчэ мільён кароўнікаў?»
Прынцып «Вашая беларуская мова — не каўбаса, таму не накорміць» у сучаснай Беларусі, як той казаў, квітнее і пахне. Што праўда, пахне ўсё горш.
Пры гэтым на тле культурнага генацыду, які адбываецца сёньня ў краіне, каўбасы на стале неяк больш ня робіцца. Ці выпадкова?
Валера Руселік на Budzma.org тлумачыць, што эканамічна больш выгодна пабудаваць — кароўнік альбо музэй.
Памятаеце гэтае адвечнае «Ну что вы со своей беларускай мовай лезете?! Мова вас не накормит! Давайте сперва экономику поднимем, а потом уже и мовой займёмся! Всему своё время!»?
Эканоміку дагэтуль аніяк падняць ня могуць, хоць усе сілы кінутыя — як у апошні бой! І калі ўжо надыдзе той момант, калі прысьпее час і на мову, і на культуру — наагул незразумела!
Ужо й дзеці беларускай мовы не разумеюць, вывучаюць у школах яе менш ня толькі за расейскую, але і за якую іншую замежную — і ўсё аніяк той блаславёны час не надыходзіць, усё эканоміку падымаем!
Зрэшты, ашчаджаць на культуры ў сучаснай Беларусі — справа звыклая. І гэткія назіраньні падмацоўваюцца статыстыкай: штогод выдаткі на культуру ў бюджэце краіны складаюць прыкладна паўадсотка ад агульнае сумы.
Пры гэтым, дзеля параўнаньня, грошай на суды, міліцыю і спэцслужбы з нашай кішэні ідзе разоў у 20 больш — і з году ў год гэты разрыў адно расьце. Ну, яно ж і зразумела, на што ў нашай (?) дзяржаве аніякіх грошай не шкада, праўда?
І сытуацыя для беларушчыны найбліжэйшым часам дакладна ня толькі не палепшае, але й пагоршае. На днях адзін усім вядомы «мовазнаўца», для якога «белорусский язык — бедный язык, на нём ничего нельзя выразить великого», сабраў нараду па эканамічных прагнозах на 2026-ы год, дзе вызначыў, на што найперш трэба скіроўваць нашыя з вамі грошы:
«Ані ў якім выпадку, не займацца будаўніцтвам і стварэньнем таго, без чаго сёньня і заўтра, магчыма, можам абысьціся! [...] Слухайце, кароўнікі трэба будаваць, каб кароваў нармальна ўтрымліваць і даіць, і цялятаў!
Хопіць ужо гэтых палацаў і культурных аб’ектаў! Важней, напэўна, пабудаваць людзям жытло. Ня трэба раскідвацца грашыма, якіх у вас няма!
Аб’ектыўна трэба сытуацыю ацэньваць. І спыніць будаўніцтва ўсялякіх музэяў, дамоў адпачынку і гэтак далей. Гэтыя трэба задзейнічаць: вось адзін музэй пабудаваў — там і дзяржава, і дабрачыннасьць, усё разам. І дастаткова гэтага аднаго музэю!»
Зрэшты, не зразумела, як пры гэтым утрымаць тую ж моладзь у вёсках і мястэчках, калі адзіным месцам, куды можна схадзіць адпачыць пасьля працы, будзе ня дом культуры альбо клюб, а... кароўнік.
Ну і як разьвіваць лякальны турызм, запрашаючы не ў музэй, прысьвечаны знакамітым мясцовым нарадзінцам, а, скажам, на прахадную сьвінакомплексу — таксама загадка.
Ну але гэта, вядома ж, дробязі! Часы цяжкія (а калі былі лёгкія?), не да культуры (а калі было да яе?)! Трэба пацярпець (колькі можна?!)!
Вось толькі ці зажывем мы з вамі лепей, калі наагул заб’ем на культуру і збудуем яшчэ мільён кароўнікаў?
Замест адказу на гэтае насамрэч рытарычнае пытаньне вось вам некалькі цікавых фактаў. На культуру і творчасьць прыпадае 3,1% глябальнага ВУП, а таксама 6,2% усіх працоўных месцаў у сьвеце.
Рэйтынг топ-краінаў для жыцьця ў вялікай ступені супадае з рэйтынгам краінаў, якія як раз-ткі найбольш выдаткоўваюць на культуру: Ісьляндыя, Данія, Швайцарыя, Швэцыя і гэтак далей.
Цікава, чаму?
Мабыць, таму, што культурна і духоўна разьвіты чалавек — у адрозьненьне ад чалавека, у жыцьці якога ёсьць адно кароўнікі і клопат не пра людзей, а пра быдла — куды больш здольны крочыць у нагу з часам, ствараць нешта новае й запатрабаванае, імкнуцца да лепшага жыцьця.
Усё гэта і закладаецца ў нас празь якасную літаратуру, выставы, музэйныя экспазыцыі, канцэрты, спэктаклі, экскурсіі і г. д.
І менавіта чалавеку беднаму духоўна і культурна папросту наканавана заставацца бедным і эканамічна — колькі ты кароўнікаў ні будуй!
Зрэшты, культура ў Беларусі ня зьнікне ў кожным выпадку.
Вось толькі — чыя? Як той казаў, варона з куста — пяць на куст. Пакуль улады прыбіраюць помнікі, здымаюць шыльды, зачыняюць мэмарыяльныя пакоі і музэі, прысьвечаныя беларускіх нацыянальным і культурным дзеячам, на іх месца няўхільна прыходзіць расейшчына — і вось ужо на беларускай зямлі ўсхваляюцца тыя, хто ўласна вынішчаў нас, беларусаў.
У разгромленым Купалаўскім тэатры — расейскія пастаноўкі і расейскія акцёры. А на зачышчаных ад мясцовых музыкаў канцэртных пляцоўках усё часьцей выступаюць зноўку ж расейскія гастралёры.
І вось тут — пытаньнечкі на мільён. А дакладней — на лёгіку.
Ці варта спадзявацца на тое, што чалавек, выхаваны на чужой культуры й на чужых героях, будзе ірваць жылы за сваю краіну? На чым мае трымацца ягоны мясцовы патрыятызм: і культурны, і эканамічны, і навуковы, і вайсковы?
Які сэнс прывязвацца да краіны, зь якой чалавека, акрамя факту нараджэньня, нічога больш ня зьвязвае? І чаму б тады папросту не паехаць туды, дзе жывецца лепш і дзе да чалавека ставяцца лепш, чым да быдла — замест таго, каб імкнуцца палепшыць жыцьцё ў роднай старонцы?
Вось вам на пальцах, калі хочаце — эканамічная цана выбару паміж музэем і кароўнікам.
Дык а ці ёсьць тут хоць нейкі пазытыў? Ну, вядома ж, ёсьць!
Насамрэч сапраўдная беларуская культура жыла, жыве й перажыве ўсіх аматараў кароўнікаў, разам узятых.
Калі б мы ўсе гэтыя гады папросту сядзелі й чакалі, калі прысьпее час на родную мову ды на культуру, то ня мелі б сёньня ані песень Лявона Вольскага, ані спэктакляў вольных купалаўцаў, ані кніг Альгерда Бахарэвіча.
Нашая культура жыве сёньня, тут і цяпер, не адкладаючы на мітычнае лепшае Заўтра.
А таму не сядзімо, спадарства, не чакайма невядома чаго: ня будзе лепшага за цяпер часу, каб далучыцца да беларушчыны — ці то ўласным творчым унёскам, ці то падтрымкаю нашых культурных дзеячаў і ініцыятываў.
Будзьма разам! Будзьма беларусамі!
Читайте еще
Избранное