Политика

Што паказала блякада польска-беларускай мяжы: сем тэзісаў Валера Карбалевіча

Блякада польска-беларускай мяжы трывала два тыдні. У ноч на 25 верасьня Польшча адкрые свае памежныя пераходы. Якія ўрокі і высновы можна зрабіць з гэтай гісторыі? Аналіз палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча на Радыё Свабоды.

Валер Карбалевіч

Тэзіс 1. Закрыцьцё мяжы як самая моцная санкцыя Захаду

Рашэньне Варшавы закрыць мяжу павінна было вырашыць некалькі задач. Гэта і дэманстрацыя палітычнай волі ўсходняму суседу, гатовасьць да падвышэньня ставак, намёк на наяўнасьць на руках казырнай карты. Гэта і апошняе папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку, кажучы футбольнай мовай, жоўтая картка. Гэта і тэставаньне паводзін галоўных міжнародных суб’ектаў.

Гэта таксама і пасланьне ўрада Дональда Туска свайму польскаму электарату, якое павінна было сьведчыць пра здольнасьць абараняць нацыянальныя інтарэсы жорсткімі захадамі.

З усіх санкцый, якія прымяняў Захад да рэжыму Лукашэнкі, закрыцьцё мяжы — самы моцны ўкол. Наступныя крокі — толькі разрыў дыпляматычных адносін і сілавыя дзеяньні. Прычым гэтая санкцыя — найбольш вострая з абодвух бакоў.

Тэзіс 2. Бясьпека — перадусім

У рэгіёне склалася такая палітычная сытуацыя, што гуманітарныя, эканамічныя пытаньні адыходзяць на другі плян. На першае месца выходзіць тэма бясьпекі. Праблемы людзей, якім быў перакрыты шлях празь мяжу, палітыкаў з усіх бакоў хвалявалі значна менш.

Доўгі час лічылася, што эканамічныя сувязі паміж краінамі і нават палітычнымі блёкамі зьяўляюцца страхоўкай, моцнай перашкодай для разьвіцьця канфліктаў. Калісьці яшчэ ў 1970-я гады канцлер ФРГ Вілі Брандт вылучыў цэлую канцэпцыю: «Перамены праз гандаль». Ён лічыў, што эканамічныя сувязі з СССР, найперш, праз імпарт савецкай нафты і газу, можна перадухіліць вайну паміж NATO і Арганізацыяй Варшаўскай дамовы.

Гэта было пэўным ідэйным абгрунтаваньнем палітыкі «разрадкі». Аднак вайна Расеі супраць Украіны, якой спадарожнічаў жорсткі эканамічны разрыў РФ і ЭЗ, засьведчыла, што ў крызісныя моманты палітыка дамінуе над эканомікай.

Закрыцьцё мяжы пацьвердзіла, што ў дзеяньнях суседніх зь Беларусьсю краін на першы плян выходзіць пытаньне бясьпекі, дамінуе лёгіка сэк’юрытызацыі палітыкі.

Тэзіс 3. Пагроза для транзытнага статусу Беларусі

Закрыцьцё мяжы стала для Беларусі моцным ударам. Гаворка нават ня толькі пра ўласна эканамічныя страты. Хоць яны і вялікія. Напрыклад, беларуская чыгунка страчвала каля 0,5 мільёна даляраў за дзень.

Больш важна іншае. Транзытны статус Беларусі — гэта стратэгічны рэсурс дзяржавы. Краіна звыклася, што зьяўляецца лягістычным хабам, транспартным мастом між Захадам і Ўсходам. І вось гэтыя два тыдні паказалі, што ў выніку неразумнай палітыкі гэты рэсурс можна страціць. Гэта важны ўрок, які варта было б вывучыць рэжыму Лукашэнкі.

Тэзіс 4. Спрэчныя тлумачэньні польскага боку

Звонку выглядае, што рашэньне ўраду Польшчы закрыць мяжу і потым адкрыць яе было ў пэўным сэнсе спантанным. Тлумачэньне прычын гэтага кроку выглядала трохі штучным. Вучэньні «Захад-2025», на якія спасылалася Варшава, як на чыньнік пагрозы, былі самымі сьціплымі па маштабах у параўнаньні зь мінулымі падобнага роду манэўрамі.

І абгрунтаваньне рашэньня аб адкрыцьці мяжы было ня вельмі пераканаўчым. Паводле афіцыйных заяваў польскага боку, нібыта пагрозы бясьпекі з боку Беларусі зьменшыліся. Але вось з 19 па 21 верасьня зафіксавана 330 спробаў мігрантаў пранікнуць празь беларуска-польскую мяжу. Гэта мала падобна на зьмяншэньне пагрозаў.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што, робячы крок да абвастрэньня, афіцыйная Варшава, імаверна, ня мела дакладнай стратэгіі выхаду з гэтай сытуацыі. Аднак менавіта такая абстрактная аргумэнтацыя сваіх рашэньняў і аб закрыцьці, і аб адкрыцьці мяжы польскім урадам давала Варшаве свабоду рук для наступных рашэньняў.

Тым ня менш урад Туска гэтымі рашэньнямі даў палітычным апанэнтам моцныя падставы для крытыкі. Маўляў, Варшава пайшла на адмену свайго рашэньня аб закрыцьці мяжы, нічога не дамогшыся ад Менску.

Тэзіс 5. Ключавая роля Кітаю

Кітай прадэманстраваў сілу сваёй вонкава «мяккай» дыпляматыі. Адразу пасьля закрыцьця мяжы дзьве кітайскія дэлегацыі былі накіраваныя ў Варшаву і Менск. І празь дзень пасьля завяршэньня візыту ў беларускую сталіцу, мяжа была адкрытая. Выглядае эфэктна.

Тэзіс 6. Саступкі беларускага боку

Уся гэтая гісторыя з закрыцьцём і адкрыцьцём мяжы дае пэўную пажыву для беларускай прапаганды. Маўляў, Беларусь не пайшла на саступкі, а тым ня менш, Польшча была вымушаная адкрыць мяжу, націснуць на Менск не атрымалася.

Хоць насамрэч, гледзячы па ўсім, саступкі беларускага боку будуць, ва ўсялякім разе, яны абяцаныя. Той факт, што кіраўніцы афіцыйна не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліцы Борыс дазволілі сустрэцца зь вязьнем Наваполацкай калёніі Анджэем Пачобутам, вельмі паказальны.

Тэзіс 7. Адносіны Варшавы і Менску ў фарватэры расейскай гібрыднай вайны

Пэрспэктывы беларуска-польскіх адносін моцна залежаць ад вонкавых чыньнікаў. Апошнія падзеі ў рэгіёне вельмі трывожныя. Расейскія дроны ў Польшчы, расейскія самалёты ў паветранай прасторы Эстоніі, хакерскія атакі на эўрапейскія аэрапорты — усё гэта сымптомы новага абвастрэньня.

Экспэрты кажуць пра новы этап гібрыднай вайны Расеі супраць Эўропы. І ўсё гэта моцна ўплывае на двухбаковыя адносіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(11)